Інтэрнэт-сайт як аб'ект аўтарскага права ў Рэспубліцы Беларусь і Расійскай Федэрацыі

12 августа 2026

Цікавае

У трэцім нумары часопіса «Інтэлектуальная ўласнасць у Беларусі» апублікаваны артыкул «Інтэрнэт-сайт як аб'ект аўтарскага права ў Рэспубліцы Беларусь і Расійскай Федэрацыі».

Аўтар – Крысціна Савіцкая, старшы выкладчык кафедры грамадзянскага права юрыдычнага факультэта Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Еўфрасінні Полацкай, магістр юрыдычных навук.

У артыкуле даследуецца прававая прырода інтэрнэт-сайта як аб'екта аўтарскага права скрозь прызму аналізу дактрынальных крыніц, прававога рэгулявання, судовай і правапрымяняльнай практык Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі. Выяўлена, што ў беларускім заканадаўстве прававы рэжым інтэрнэт-сайта не вызначаны, што стварае прававую нявызначанасць у грамадзянскім абароце. Аўтарам разгледжаны расійскі вопыт аднясення інтэрнэт-сайта да састаўных твораў, выяўлены яго абмежаванні (ахова толькі творчага падбору і кампаноўкі кантэнту без уліку дызайну і праграмнага складальніка).

Абгрунтоўваецца магчымасць аховы інтэрнэт-сайта ў якасці мультымедыйнага твора (пры наяўнасці сукупнасці прыкмет). Сфармуляваны крытэрыі размежавання абароназдольных інтэрнэт-сайтаў, а таксама ўмоў прававой аховы інтэрнэт-сайта як састаўнога або мультымедыйнага твора. Зроблена выснова аб немэтазгоднасці выкарыстання адзінага прававога рэжыму для ўсіх інтэрнэт-сайтаў: прававая кваліфікацыя павінна вызначацца індывідуальна ў залежнасці ад характарыстык канкрэтнага інтэрнэт-сайта.

Набыць нумары, якія выйшлі раней, можна, падпісаўшыся на часопіс «Інтэлектуальная ўласнасць у Беларусі» (падпісныя індэксы ў каталогах «Белпошты»: 009212 (ведамасная), 00921 (індывідуальная):

  • у аддзяленнях паштовай сувязі РУП «Белпошта»;

  • праз сістэму «Інтэрнэт-падпіска»;

  • на сайце РУП «Белпошта» www.belpost.by;

  • пры дапамозе плацежна-даведачных тэрміналаў;

  • дома.

Таксама фізічныя асобы могуць аформіць падпіску на PDF-версію часопіса на сайце ТАА «Электронныя сістэмы і сэрвісы» www.belpressa.by.

Больш падрабязная інфармацыя аб часопісе размешчана па спасылцы.

Больш навін аб інтэлектуальнай уласнасці – у нашых сацсетках (FacebookInstagramTelegram, VK).


Фота: Злата Лукашэвіч